Перайсці да зместу

Непаўназубыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Xenarthra)
Непаўназубыя
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Pilosa Flower, 1883

Сінонімы
  • Edentata Vicq-d’Azyr, 1792

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  727502
NCBI  948950
EOL  1660
FW  43594

Непаўназубыя (Xenarthra, Edentata) — атрад плацэнтарных млекакормячых. Таксама разглядаецца як надатрад, сістэма якога спрэчная і да канца не ўсталявалася.

Адны з найбольш старажытных сысуноў; іх паходжанне прасочваецца амаль ад мезазоя (60 млн гадоў). Выкапнёвыя рэшткі вядомыя з Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Блізкія да іх формы сустракаюцца ў адкладах эацэна Еўропы. Росквіту непаўназубыя дасягаюць да канца пліяцэну, пасля чаго разнастайнасць групы істотна скарацілася.

Атрад уключае сучасныя сямействы: браняносцы (Dasypodidae), ляніўцы (Bradypodidae) і мурашкаеды (Myrmecophagidae). Гэтыя сямействы маюць істотныя адрозненні, і ў шэрагу сістэм іх разглядаюць у складзе самастойных атрадаў.

Даўжыня цела ад 12 см у плашчаноснага браняносца да 120 см у гіганцкага мурашкаеда. У мурашкаедаў і ляніўцаў густая доўгая поўсць, у браняносцаў скурнае покрыва зрастаецца ў панцыр, пакрыты зверху арагавелым эпідэрмісам. Два ці тры пальцы на пярэдніх канечнасцях значна перавышаюць па даўжыні астатнія (калі яны маюцца) і ўзброены моцнымі кіпцюрамі. Заднія канечнасці трох-, чатырох-або пяціпальцавыя, стопаходзячыя. Галава круглявая (ляніўцы) або моцна выцягнутая (мурашкаеды). Хвост доўгі (мурашкаеды) або вельмі кароткі (ляніўцы). Для шэрагу форм характэрны вельмі доўгі язык (мурашкаеды). Зубы з няпоўным наборам; адсутнічаюць (мурашкаеды) ці няма разцоў і іклоў, а перадкарэнныя зубы простыя, з адным коранем, пазбаўленыя эмалі і валодаюць пастаянным ростам на працягу ўсяго жыцця жывёлы (у браняносцаў і ляніўцаў) — адсюль назва атрада.

Непоўназубыя захоўваюць рысы прымітыўных млекакормячых. Сляпая кішка адсутнічае ці развіта слаба. Звіліны вялікіх паўшар’яў галаўнога мозгу нешматлікія. Матка простая, плацэнта дыскаідальная. Страўнік просты (мурашкаеды, браняносцы) або складаны (ляніўцы). У прадстаўнікоў атрада самы нізкі сярод сысуноў узровень абмену рэчываў.

Сустракаюцца ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы, у Паўночнай Амерыцы — у Мексіцы, паўднёвых і паўднёва-ўсходніх штатах ЗША.

Спосаб жыцця (у гіганцкага мурашкаеда і браняносцаў) наземны, у асноўным дрэвавы ў чатырохпалага і карлікавага мурашкаедаў, выключна дрэвавы ў ляніўцаў. Актыўныя днём і ноччу (гіганцкі мурашкаед) або ноччу (ляніўцы). Мурашкаеды і браняносцы сілкуюцца рознымі казуркамі, ляніўцы расліннаедныя.

У прыплодзе 1 дзіцяня, у некаторых браняносцаў 2-4 (да 12).

Усе віды церпяць ад змены прыродных экасістэм чалавекам, асабліва ляніўцы.