Перайсці да зместу

Славі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славі
(Dine’e)
Фота 1899 г.
Агульная колькасць 5120 (1991 г.)
Рэгіёны пражывання Канада
Мова славі
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы цуутына, данэ-заа, тутчонэ, гвічын, догрыб, магчыма наваха

Славі (саманазва: Dine’e, літаральна «людзі») — паўночны атабаскі народ, карэнныя жыхары Канады. Агульная колькасць (1991 г.) — 5120 чал.

Да канца XVIII ст. славі насялялі прыпалярныя лясы Альберты, Брытанскай Калумбіі і часткова Паўночна-Заходніх тэрыторый, дзе займаліся рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Вылучаліся сваяцкія тэрытарыяльныя групы па 10 — 30 чалавек. Улетку яны маглі аб’ядноўвацца з суседнімі групамі для сумеснай арганізацыі святаў, паляванняў і лову рыбы. Такія часовыя летнія аб’яднанні аказвалі ўзаемадапамогу і карысталіся адзіным найменнем. Лічыцца, што група нахані магла быць продкавай у адносінах да наваха.

Назва славі была дадзена ім традыцыйнымі ворагамі кры, якія ператваралі іх у нявольнікаў (ад англ.: slave «раб»). З 1789 г. мелі сталыя кантакты з еўрапейцамі, удзельнічалі ў футравым гандлі.

У 1899 г., 1911 г. і 19211922 гг. розныя групы славі заключылі дагаворы з урадам Канады. У нашы дні вылучаюцца 10 самастойных груп, кожная з якіх прызнана першаснай нацыяй, мае правы на зямлю і самакіраванне.

У другой палове XX ст. большасць славі перасяліліся ў гарады, аднак многія працягваюць займацца сезонным паляваннем і рыбалоўствам.