Перайсці да зместу

Рымская Брытанія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рымская правінцыя Брытанія каля 120 года.

Рымская Брытанія (лац.: Britannia) — тэрыторыі на востраве Брытанія, якія знаходзіліся пад кіраваннем Рымскай імперыі.

Пасля заваявання рымлянамі Галіі ў сярэдзіне I ст. да н.э. Гай Юлій Цэзар здзейсніў два паходы ў Брытанію (55 і 54 да н.э.).

Сістэматычнае заваяванне Брытаніі Рымам пачалося ў 43 годзе і завяршылася ў асноўным да канца 60-х гадоў. Брытанія стала адной з ускраінных правінцый Рымскай імперыі. Раманізацыю зведалі ў асноўным паўднёвая, усходняя і большая частка цэнтральных рэгіёнаў; захад і поўнач амаль не былі ёй закрануты.

Сярод мясцовага насельніцтва часта паднімаліся паўстанні (напрыклад, паўстанне Баўдзікі ў 61 годзе). Заваёўнікі стварылі сістэму ўмацаваных пунктаў (рымскіх вайсковых лагераў) і дарог, уздоўж паўночных меж пабудавалі лімес (сістэму валоў і сцен з вартавымі і гарнізоннымі пунктамі -- вал Адрыяна, вал Антаніна).

У 184 годзе Септымій Север падзяліў Брытанію на дзве правінцыі — Ніжняя Брытанія (лац.: Britania inferior) і Верхняя Брытанія (лац.: Britania superior).

Рымскае заваяванне паскорыла працэс сацыяльнай дыферэнцыяцыі, але не прывяло да карэнных змен у кельцкім грамадстве. Крызіс Рымскай імперыі адбіўся і на лёсе Рымскай Брытаніі. З канца III ст. пачаліся набегі кельцкіх і саксонскіх плямёнаў. На пачатку V ст. рымскае панаванне ў Брытаніі скончылася, край зноў распаўся на шэраг незалежных кельцкіх абласцей.