Перайсці да зместу

Пома

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пома
(Pomomo)
Агульная колькасць 10308 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання Каліфорнія
Мова мовы пома
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Пома (саманазва: Pomomo, літаральна «людзі») — група малых індзейскіх народаў у Каліфорніі (ЗША). Агульная колькасць (2010 г.) — 10 308 чал.

Продкі пома здаўна насялялі Каліфорнію. Гэта адлюстравана ў іх міфалогіі. Археолагі сцвярджаюць, што рэшткі іх культуры можна знайсці ў пластах 4000 — 5000-гадовай даўніны. Да прыходу еўрапейцаў пома насялялі тэрыторыю ад узбярэжжа Ціхага акіяна да сучаснага Клірлейка. Яны не мелі палітычнага адзінства, падзяляліся на мноства тэрытарыяльных груп і размаўлялі на 7 розных мовах. У канцы XVIII ст. іх агульная колькасць магла дасягаць 8 000 чалавек.

У 1812 г. на землях кашая, этнатэрытарыяльнай групы пома, была заснавана расійская калонія Форт Рос. З 1817 г. паўднёвыя групы пома трапілі пад уплыў іспанскіх місіянераў. Каланісты і місіянеры прыцягвалі пома да працы ў сельскай гаспадарцы, займаліся вакцынацыяй, знаёмілі з сучаснай цывілізацыяй. Расійскія каланісты не разглядалі індзейцаў як падданых, таму не распаўсюджвалі хрысціянства і адукацыю за межамі калоніі. Наадварот, іспанскія, а потым мексіканскія ўлады імкнуліся змяніць лад жыцця тубыльцаў праз рэлігію і школу. Абодва бакі выкарыстоўвалі прымусовую працу пома. Адміністрацыя Форт Рос практыкавала пажыццёвую высылку небяспечных для каланістаў пома на Аляску для далейшай эксплуатацыі іх нявольнай працы. Адмоўным вынікам кантактаў было распаўсюджванне хвароб, да якіх у індзейцаў не было імунітэту. У 1833 г. пома моцна пацярпелі ад халеры, у 1838 г. — ад воспы.

У адносінах паміж пома і каланізатарамі вылучаюць 2 перыяды. Да канца 1820-х гадоў улады расійскай калоніі і іспанскіх місій імкнуліся прыцягваць інзейцаў да супрацоўніцтва пераважна мірным шляхам. Напрыклад, пома выконвалі значную частку земляробчых работ для Форт-Рос, за што атрымоўвалі харч і вопратку. Іспанскія місіянеры навучалі індзейцаў жывёлагадоўлі і сучасным прафесіям. Паміж каланістамі і карэнным насельніцтвам усталёўваліся шлюбы. Здараліся выпадкі забойства пома алеутаў, палявання на свойскую жывёлу, наўмыснага псавання маёмасці, бегства з місій, але яны не мелі сталага характару.

У першай палове 1830-х гг. сітуацыя карэнным чынам змянілася. Пасля пераходу ўлады ў Каліфорніі пад кантроль Мексікі місіі не атрымоўвалі дапамогу ад цэнтральнага ўрада, таму эксплуатацыя карэннага насельніцтва ўзмацнілася. Расійская адміністрацыя таксама стала практыкаваць гвалтоўны згон пома з аддаленых паселішчаў для працы на палетках. Харч, які выдавалі гвалтоўным працоўным, быў вельмі дрэнным. Пома адказвалі гвалтам на гвалт. У 1832 г. яны ўдзельнічалі ў паўстанні і разбурэнні місіі Сан-Рафаэль. У 1838 г. пома забілі каля 100 кароў, што належалі Форт Рос.

У 1841 г. расійская калонія ў Форт Рос была ліквідавана. Аднак у Каліфорніі з’явіліся амерыканскія каланісты. У 1850 г. Каліфорнія стала штатам ЗША. У 1847 г. амерыканскія прадпрымальнікі набылі частку зямель пома ў мексіканцаў і пачалі развіваць на іх жывёлагадоўлю. Мясцовае насельніцтва было пазбаўлена магчымасці паляваць, наўзамен атрымоўвала малую харчовую дапамогу. У выніку канфлікту пома забілі прадпрымальніка Эндру Келсі. 15 мая 1850 г. амерыканскія салдаты атакавалі вёску пома каля Клірлейк і знішчылі 60 чалавек. Пома былі прымусова выселены ў рэзервацыі.

З пачатку XX ст. мовы і культура пома вывучаліся навукоўцамі. З 1990-х гг. сярод пома назіраецца цікавсць да адраджэння нацыянальнай гісторыі і традыцый.

Жытло. Малюнак 1877 г.

Да прыходу еўрапейцаў асноўным заняткам пома было сезоннае вандроўнае збіральніцтва. Найбольш важнымі харчовымі прадуктамі з’яўляліся жалуды, ядомае насенне траў, малюскі, казуркі. Увосень білі гарпунамі ласосяў. Паляванне адыгрывала другасную ролю, хаця мяса лічылася асабліва смачнай ежай. Ужывалі мяса птушак, трусоў, аленяў, мядзведзяў, пацукоў, ластаногіх і іншых жывёл. Кераміку не выраблялі. Было шырока распаўсюджана пляценне, у тым ліку лодак і пасудзін для прыгатавання ежы.

Пасля з’яўлення рускіх і іспанцаў добраахвотна і прымусова працавалі на палетках. Амерыканцы прыцягвалі пома да жывёлагадоўлі. У XX ст. важнымі заняткамі сталі земляробства, праца на амерыканскіх фермах і прадпрыемствах.

Пома мелі сталыя паселішчы каля рэк. У іх бавілі зімовы час. З вясны падзяляліся на сямейныя і сваяцкія групы, што займаліся збіральніцтвам, паляваннем і рыбалоўствам на пэўнай тэрыторыі. Пома будавалі некалькі тыпаў каркасных хацін, што пакрывалі травой, зямлёй або трыснягом. У цэнтры хаціны знаходзілася яміна для захавання рэчаў і харчу. Звычайна ў адной хаціне жыла сям’я. Былі вядомы вялікія хаціны для супольных рытуалаў.

Вопратку ў выглядзе повязяў і фартухоў плялі з травы. Скураное адзенне было толькі ў правадыроў. Упрыгожваліся плеценымі галаўнымі ўборамі, пер’ем птушак, ракавінамі малюскаў.

Некалькі малых паселішчаў складалі абшчыну на чале з адным або некалькімі правадырамі. У адной з вядомых абшчын налічвалася адразу 20 правадыроў. Кожны з іх выконваў асобныя абавязкі, у тым ліку арганізоўваў святы, супольную працу, вёў перамовы з суседзямі, размяркоўваў абшчынны харч. Правадыры маглі выбірацца, але часцей атрымоўвалі пасаду па спадчыне. Абшчына валодала пэўнымі тэрыторыямі і дрэвамі для здабычы. Была вядома родавая маёмасць. Сваяцкія адносіны адыгрывалі вельмі важную ролю ў забеспячэнні. Меўся інстытут накшталт сябрыны, калі мужчыны абменьваліся рытуальнымі падарункамі, пасля чаго былі абавязваны аказваць узаемадапамогу.

Пераважалі вялікія пашыраныя сем’і, што складаліся з некалькіх пакаленняў. Шлюб заключаўся па дамове маладых або іх бацькоў, пасля чаго сем’і абменьваліся падарункамі. Да нараджэння першага дзіцяці, часцяком і пасля нараджэння, маладая сям’я жыла разам з бацькамі, магла перасяляцца ад бацькоў мужа да бацькоў жонкі. У выхаванні новых пакаленняў выключна вялікая роля належала бабулям і дзядулям. Практыкаваліся разводы і паўторныя шлюбы.

Пома вядомы рытуальнымі песнямі і танцамі. Захаваліся любоўныя і паляўнічыя спевы, калыханкі. Распаўсюджаныя музычныя інструменты: флейта, свістулька, барабан, музычныя палачкі, бразготкі.

Мовы пома складаюць асобную сям’ю моў. Усяго вядома 7 моў, 2 з якіх зніклі, астатнія знаходзяцца на мяжы знікнення.

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні заснаваны на анімістычных уяўленнях. Пома верылі, што сусвет быў створаны Каётам. У міфалагічных паданнях ён выступаў то як стваральнік, то як трыкстэр, што супрацьстаяў Кагуару або яшчаркам. Лічылася, што ў мінулым звяры былі падобнымі на людзей, маглі размаўляць. Пома таксама верылі ў звышнатуральныя сілы, якія ахоплівалі кожную часціну сусвету. Рытуалы арганізоўвалі правадыры. Меліся шаманы, але іх функцыі абмяжоўваліся лекаваннем. Свае веды яны перадавалі па спадчыне. Шаманамі маглі быць мужчыны і жанчыны. Пасля 1870 г. шаманы-мужчыны амаль зніклі.

У нашы дні большасць вернікаў — хрысціяне.

  • Brown, V. The Pomo Indians of California and Their Neighbors / Vinson Brown. — Happy Camp, CA: Naturegraph Publishers, 1999. ISBN 9780911010305
  • Истомин, А. А. Индейская политика Российской колониальной администрации в Калифорнии в 1821—1841 годах // Власть в аборигенной Америке / Отв. ред. А. А. Бородатова, В. А. Тишков. — М.: Наука, 2006. — С. 500—524. ISBN 5-02-033989-X