Цела даўжынёю 6,5—10,0 мм, выпуклае, прыкрытае бліскучымі надкрыламі. Вусікі кароткія, ротавы апарат грызучага тыпу.
Маюць яркую (перасцерагальную) афарбоўку. Надкрылы чырвоныя, на іх маецца 7 крапінак чорнага колеру. Знізу жук чорны, яго пярэдняспінка таксама чорная, з дзвюма белымі плямамі.
Пашырана ў Палеаарктыцы да Палярнага круга. Сустракаецца ў Еўропе, Азіі і Паўночнай Афрыцы. У гарах Сярэдняй Азіі масава адзначаны да вышыні 2700 м. Інтрадукавана ў Паўночнай Амерыцы ў другой палове XX ст. для барацьбы з тлёй.
Самка адкладвае ад 200 да 1000 яец, асобнымі невялікімі кучкамі. Лічынкі шэрыя, з чырвонымі кропкамі, растуць хутка і праз 2-4 тыдні прыступаюць да акуклівання ў зацішных месцах.
Драпежная. Лічынкі вельмі пражэрлівыя, за перыяд развіцця з’ядаюць каля 1000 тлей, могуць значна зніжаць колькасць шкоднікаў. Дарослыя кормяцца тлямі, шчытоўкамі, белакрылкамі.
Сямікропкавая кароўка сустракаецца на працягу ўсяго лета, а ўвосень жукі адпраўляюцца на зімоўку. Кіруючыся пахам, яны злятаюцца разам і ўтвараюць буйныя скопішчы на лісці на ўзлесках ці пад камянямі ў гарах, звычайна на паўднёвых схілах. Ужо ў першыя цёплыя дні яны прачынаюцца ад здранцвення і прыступаюць да пошукаў калоній тлей.
Выкарыстоўваецца ў біялагічнай барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.