Вестфальскі мір
Вестфальскі мір | |
---|---|
Дата падпісання | 24 кастрычніка 1648[1][2] |
Месца падпісання | |
Бакі | Свяшчэнная Рымская імперыя, Шведская імперыя, Каралеўства Францыя, Іспанская імперыя, Швейцарыя, Рэспубліка Злучаных правінцый |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вестфальскі мір 1648 скончыў Трыццацігадовую вайну 1618—1648. Аб'ядноўвае два мірныя дагаворы, заключаныя 24 кастрычніка 1648 года — пасля працяглых (з вясны 1645) перамоў — у гарадах Вестфаліі Мюнстэры і Аснабруку: Аснабрукскі (паміж імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі і яго саюзнікамі, з аднаго боку, і Швецыяй з саюзнікамі — з другога) і Мюнстэрскі (паміж імператарам з саюзнікамі, з аднаго боку, і Францыяй з саюзнікамі — з другога).
Пастановы Вестфальскага міру тычыліся тэрытарыяльных змен, рэлігійных адносін, палітычнага ладу імперыі. Згодна з Вестфальскім мірам Швецыя атрымала ад імперыі, акрамя кантрыбуцыі ў 5 млн талераў, востраў Руген, усю Заходнюю і частка Усходняй Памераніі з г. Штэтынам, г. Вісмар і секулярызаваныя архібіскупства Брэмен і біскупства Вердэн. У валоданні Швецыі апынуліся найважнейшыя гавані не толькі Балтыйскага, але і Паўночнага мора, яна як уладальніца германскіх княстваў стала членам імперыі з правам пасылаць сваіх дэпутатаў на імперскія сеймы. Францыя атрымала былыя ўладанні Габсбургаў у Эльзасе і пацвярджэнне свайго суверэнітэту над Латарынгскімі біскупствамі Мец, Туль і Вердэн. Францыя і Швецыя — дзяржавы-пераможцы — былі абвешчаны галоўнымі гарантамі выканання Вестфальскага міру. Саюзнікі дзяржаў-пераможцаў — германскія княствы Брандэнбург, Мекленбург-Шверын, Браўншвайг-Люнебург — пашырылі свае тэрыторыі за кошт секулярызаваных біскупстваў і кляштараў, за герцагам Баварыі быў замацаваны Верхні Пфальц і тытул курфюрста. Была прызнана поўная незалежнасць ад імператара германскіх князёў у правядзенні як унутранай, так і знешняй палітыкі (яны не маглі толькі заключаць знешніх саюзаў, накіраваных супраць імперыі і імператара). Былі прыведзены да роўнасці ў правах кальвіністы з каталікамі і лютэранамі.
Для паляпшэння артыкула пажадана |
- ↑ а б Вестфальский мир // Венгрия — Вильно — 1928. — Т. 10. — С. 481.
- ↑ Мякотин В. А. Вестфальский мир // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VI. — С. 122.