Перайсці да зместу

Дзень маці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дзень маці — міжнароднае свята ў гонар маці. У гэты дзень прынята віншаваць маці і цяжарных жанчын, у адрозненне ад Міжнароднага жаночага дня, калі віншаванні прымаюць усе прадстаўніцы жаночага полу. У розных краінах гэты дзень адзначаецца ў розныя дні. Галоўным чынам, у свеце Дзень маці адзначаецца ў другую нядзелю мая, у тым ліку ў ЗША, Украіне, Эстоніі, на Мальце, Кіпры, у Даніі, Фінляндыі, Германіі, Італіі, Турцыі, Аўстраліі, Японіі, Бельгіі, Бразіліі. Дзень маці ў Расіі адзначаюць у апошнюю нядзелю лістапада, у Егіпце — 21 сакавіка, у Беларусі — 14 кастрычніка, у Грузіі — 3 сакавіка, у Арменіі — 7 красавіка. У Рэспубліцы Казахстан дзень маці адзначаецца ў трэцюю нядзелю верасня, у Кіргізіі — трэцяя нядзеля мая, у Вялікабрытаніі — у першую нядзелю сакавіка, у Грэцыі — 9 мая, у Польшчы — 26 мая. Ва Узбекістане дзень маці адзначаюць 8 сакавіка. Шведы і французы віншуюць сваіх маці ў апошнюю нядзелю мая. Сербы — у снежні[1]. У Іспаніі і Партугаліі дзень маці адзначаецца ў першую нядзелю мая. На Філіпінах — 10 мая.

Гісторыя свята

[правіць | правіць зыходнік]

Ушаноўванне жанчыны-маці мае шматвяковую гісторыю.

З XVII па XIX стагоддзе у Вялікабрытаніі адзначалася так званая «Матчына нядзеля» (англ.: Mothering Sunday) у другую нядзелю Вялікага посту, прысвечаная ўшаноўванню маці па ўсёй краіне.

У ЗША Дзень маці ўпершыню публічна быў падтрыманы вядомай амерыканскай пацыфісткай Джуліяй Уорд Хоўв у 1872 годзе. «Дзень маці» па версіі Джуліі Уорд — дзень адзінства маці ў барацьбе за мір ва ўсім свеце. Канцэпцыя Джуліі Уорд не знайшла шырокай падтрымкі ні ў ЗША, ні ў іншых краінах.

У 1907 годзе амерыканка Ганна Джарвіс з Філадэльфіі выступіла з ініцыятывай ушаноўвання маці ў памяць пра сваю маці. Ганна напісала лісты ў дзяржаўныя ўстановы, заканадаўчыя органы і выбітным асобам з прапановай адзін дзень у годзе прысвяціць ушаноўванню маці. У 1910 годзе штат Віргінія першы прызнаў Дзень Маці афіцыйным святам. У 1914 годзе прэзідэнт ЗША Вудра Вільсан абвясціў другую нядзелю мая нацыянальным святам у гонар усіх амерыканскіх маці.

Услед за ЗША другую нядзелю мая абвясцілі святам 23 краіны (у іх ліку: Бахрэйн, Ганконг, Індыя, Малайзія, Мексіка, Нікарагуа, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман, Пакістан, Катар, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Аўстралія, Украіна, Эстонія[2] і інш.), а яшчэ больш за трыццаць адзначаюць свята ў іншыя дні.

У Беларусі адзначаць Дзень маці пачалі ў 1996 годзе[3].

Сімволіка і звычаі

[правіць | правіць зыходнік]

У ЗША і Аўстраліі існуе традыцыя насіць у гэты дзень на адзежы кветку гваздзікі[4]. Колер мае значэнне: так, каляровая гваздзіка кажа пра тое, што маці чалавека жывая, а белыя кветкі прышпільваюць да адзежы ў памяць пра памерлых маці[2].

Зноскі

  1. Празднование дня матери(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2013. Праверана 7 чэрвеня 2016.
  2. а б Дзень маці. Гісторыя і асаблівасці свята ў праекце «Каляндар свят».
  3. The Council of Ministers of the Republic of Belarus (14 October 2009), Support for mothers remains the key priority of Belarus’ social policy, Архівавана з арыгінала 30 сакавіка 2014, Праверана 7 чэрвеня 2016 Архіўная копія. Архівавана з першакрыніцы 30 сакавіка 2014. Праверана 7 чэрвеня 2016.
  4. Дзень маці: традыцыі, падарункі