Марцін Бельскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Бельскі.
Марцін Бельскі | |
Marcin Bielski | |
Марцін Бельскі | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1495 |
Памёр | 18 сьнежня 1575 |
Дзеці | Яўхім Бельскі[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | Празаік, паэт |
Гады творчасьці | 1535 — 1575 |
Кірунак | гісторыяграфія |
Мова | польская мова |
Значныя творы | «Хроніка ўсяго сьвету» |
Ма́рцін Бе́льскі (па-польску: Marcin Bielski; 1495, вёска Бяла Паенчанскага павету, Лодзінскае ваяводзтва, Польшча — 18 сьнежня 1575) — польскі гісторык, пісьменьнік, аўтар нізкі паэтычных і празаічных твораў.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце. Служыў у войску ў час войнаў з Валахіяй і татарамі. Прымаў удзел у бітве пад Абяртынам (1531).
Шляхціч, сучасьнік Рэфармацыі і польскага Адраджэньня, Бельскі належаў да прагрэсіўных дзеячоў таго часу.
Выступаючы супраць сяреднявечнае схалястыкі, Бельскі пісаў свае творы па-польску, а не па-лацінску, як было заведзена. Найзначнаю працай Бельскага сталася прысьвечаная Жыгімонту ІІ Аўгусту «Хроніка ўсяго сьвету» — першы ў польскім пісьменстве агляд усясьветнай гісторыі, фактычна першы падручнік па ўсеагульнай гісторыі ў Польшчы. Адзначаецца[1], што прагрэсіўнай для свайго часу была сама ідэя стварэньня падобнай працы.
Пахаваны ў мястэчку Паенчна.
«Хроніка ўсяго сьвету»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры жыцьці гісторыка праца была выдадзеная тры разы (1551, 1554, 1564), і ў трэцім выданьні складалася з 10 кніг. У 9-й кнізе «Аб маскоўскім альбо рускім народзе. Аб пасольстве Васіля да папы рымскага. Аб Літве, Аб Ліфлянцкай зямлі. Аб Татарах» разглядаецца і гісторыя ВКЛ. Амаль увесь разьдзел «Аб маскоўскім народзе…» пераважна зьяўляецца скарочаным пераказам «Запісак аб Масковіі» Сыгізмунда Герберштэйна. Геаграфічная частка і зьвесткі пра тэрытарыяльныя памеры ўзятыя з «Трактату аб дзвюх Сарматыях» Мяхоўскага. Інфармацыя пра Літву ў гэтым разьдзеле таксама ўзятая з працы Герберштэйна.
Адным з самых слабых месцаў «Хронікі» было тое, што аўтар некрытычна ставіўся да сярэднявечных паданьняў і нават анэкдотаў, не адрозьніваў значныя выпадкі ад нязначных, непрапарцыянальна кампанаваў матэрыял.
Думкі гісторыкаў пра галоўную працу М. Бельскага дыямэтральна разыходзяцца: ад найвышэйшай пахвалы (А. Павінскі) да ацэнкі яе як «сярэднявечнай кампіляцыі», у якой нават «няма духу гуманізму», і якую ратуе адзіны новы элемэнт, «пратэстанцкая тэндэнцыя» (І. Хшаноўскі). Адзначаецца[2], што «Хроніка ўсяго сьвету», магчыма, і ня стала б прадметам гісторыяграфічнага дасьледаваньня, калі б ня дзейнасьць ягонага сына Яўхіма Бельскага.
Таксама пяру Бельскага належыць «Хроніка Польская». Упершыню «Хроніка» была выдадзеная ў 1597 ягоным сынам Яхімам. Пазьней яна перавыдавалася яшчэ колькі разоў у 1764, 1829, 1833 ды 1856 гадох.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 38
- ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 39
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.
- Kronika Polska Marcina Bielskiego. — Sanok: 1856 Т. 2. — С. 882.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Марцін Бельскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Алічбаваная вэрсія «Хронікі ўсяго сьвету» (пол.) (PDF). Polska Biblioteka Internetowa. Праверана 24 студзеня 2009 г.
- Алічбаваная вэрсія «Хронікі Польскай» (пол.) (PDF). Polska Biblioteka Internetowa. Праверана 24 студзеня 2009 г.