Перайсьці да зьместу

Ваю

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ваю
Ваю ў заляцальным танцы
Агульная колькасьць к. 800 тыс. (2018)
Рэгіёны пражываньня Гўахірскі паўвостраў
Сьцяг Калюмбіі Калюмбія і Сьцяг Вэнэсуэлы Вэнэсуэла
Мовы ваю, гішпанская
Рэлігіі традыцыйная, рыма-каталіцтва, пратэстанцтва
Блізкія этнасы аравацкая група

Ваю, гўазіра ці вахіра — індзейскі этнас, які насяляе Гўахірскі паўвостраў на мяжы Калюмбіі з Вэнэсуэлай. Іхняя мова ўваходзіць у аравацкую моўную сям’ю.

Народ ваю стала знаходзіўся ў стане вайны з гішпанцамі, якія так і ня здолелі канчаткова яго падпарадкаваць. Паўстаньні супраць гішпанскага панаваньня выбухалі ў 1701, 1727, 1741, 1757, 1761, 1768 і 1769 роках. З усіх індзейскіх народаў Калюмбіі ваю адзіныя засвоілі карыстаньне пальнай зброі і коней.

У канцы XIX стагодзьдзя ўзнавіліся спробы эвангелізацыі ваю. У 1905 року Папа Піюс X заснаваў вікарыят Ля Гўахіры. Каталіцкія манахі закладалі тут дзіцячыя прытулкі, дзе навучалі дзяцей у эўрапейскіх традыцыях. З тае пары канфлікты між ваю і калюмбійскім урадам паступова згасаюць. У 1942 року ва Ўрыбіі ўпершыню адсьвяткавалі Раство і Новы год.

Паводле зьвестак перапісу 1997 року, у Калюмбіі налічвалася прыкладна 144 тысячы прадстаўнікоў народу ваю (20% ад усяго індзейскага насельніцтва Калюмбіі і 48% ад насельніцтва дэпартамэнту Гўахіра. Ваю насяляюць плошчу 10 800 км² у дзесяці паселішчах, восем зь якіх палягаюць на поўдні дэпартамэнту.

Паводле зьвестак вэнэсуэльскага перапісу 2001 року налічвалася 293 777 ваю, каля 60 000 зь якіх жылі ў Маракайба. У Вэнэсуэле гэта найбуйнейшыя прадстаўнікі індзейскіх народаў (57,5% ад агульнай колькасьці).

Ваю — саманазва народу; таксама яны называюць сябе проста «народ», а тэрмінам «індзейцы» характарызуюць усе астатнія абарыгенныя этнасы. Белых людзей яны называюць «аліхуна» (тыя, што шкодзяць).

Карыстаюцца мовай з саманазвай ваюнайкі, якая ўваходзіць у аравацкую моўную сям’ю, распаўсюджаную ў Карыбскім рэгіёне.

У традыцыйным вераваньні народу ваю галоўнае боства Малэйва (Бог) — стваральнік сьвету, ваю і грамадзтва. Пулёві і Юя — сям’я паўбагоў, атаясамліваных з жыцьцём і працягам роду. Існуе і злы дух Ванюлю, зьвязаны з хваробамі ды сьмерцю. Ваю вераць, што пасьля фізычнае сьмерці душа трымае сувязь з целам, таму пахаваньне — вельмі істотны рытуал. Памерлых хаваюць разам з майном; празь пяць гадоў косткі выкопваюць, складаюць у гаршкі і перазахоўваюць на кланавых могілках.

Дзяўчынкі ў 12-гадовым веку ці з пачаткам мэнструацыі адасабляюцца ад усіх на тэрмін ад двух месяцаў да двух гадоў, жывуць у вялікіх гамаках і абавязаныя галіцы галовы. У гэты час яны рыхтуюцца да сямейнага жыцьця, навучаючыся гатаваньню ежы і вязаньню традыцыйных торбаў, а таксама едучы толькі спэцыяльную дыету і часта мыючыся. Практычна ўсе шлюбы дамоўныя, за нявесту сям’я атрымлівае пасаг ад жаніха. Мужчыны могуць мець некалькі жонак.

Традыцыйнае паселішча складаецца зь пяці-шасьці дамкоў і называецца «вёскай» (касэрыё) ці «пасёлкам» (ранчэрыя). Кожнае паселішча называецца ў гонар расьліны, жывёлы ці геаграфічнага аб’екту. Тэрыторыя зь некалькіх пасёлкаў называецца паводле матчынага прозьвішча.

Культура маю славутая сваімі традыцыйнымі торбамі (макіляс), дзе яны захоўваюць уласныя рэчы. Адно племя за год вырабляе мільёны якасных торбаў, якія складаюць асноўны прыбытак.

Значную ролю ў жыцьці народу выконвае музыка. Прыкладам, яны сьпяваюць песьні свайму статку. Музыка выкарыстоўваецца падчас сустрэчаў, сьвятаў, на пахаваньнях. Дзяўчаты рыхтуюцца да шлюбу, вывучаючы танец «маладой дзевы». Традыцыйныя інструмэнты ўключаюць кашы, савава (від флейты), маасі, татой і таліраай (трубчастая флейта), вотараёй (від клярнэту) ды іншыя.